224030 г. Брэст, вул. Леніна, 56
Адміністрацыя: 8 (0162) 25-57-46
Каса: 8 (0162) 25-57-44

Гісторыя тэатра

Гісторыя Брэсцкага тэатра лялек пачынаецца ў 1963 годзе, калі пры Брэсцкім драматычным тэатры была створана лялечная група. Першапачаткова гэта быў невялікі калектыў акцёраў і акампаніятара. Курыравалі яго акцёры Брэсцкага драматычнага тэатра імя ЛКСМБ Заслужаныя артысты БССР А.Асторына, А.Самароў, мастакі - Л.Доўбуш, С.Назараў. Яны і з'явіліся першымі пастаноўшчыкамі новага тэатра.

Вядучая роля ў гэтым пачынанні належала дырэктару тэатра заслужанаму дзеячу культуры БССР – Л.П. Ваўчэцкаму. У далейшым ён успамінаў: «Група самадзейных акцёраў-энтузіястаў з прымітыўнымі лялькамі, калі-нікалі давалі ў школах горада і вобласці спектакль «Цудоўная сіла» Л.Горбіна /рэж. Г.Васько/. Нягледзячы на, пакуль яшчэ, невысокі мастацкі ўзровень, спектакль выклікаў жывую цікавасць у дзяцей» (газета «Зара», 17 снежня, 1983 г.).

Праз пяць гадоў, у 1968 годзе тэатр атрымаў статус прафесійнага тэатра "Брэсцкі абласны тэатр лялек" і быў аддзелены ад драматычнага. Каля яго вытокаў стаяў рэжысёр А.Сярогін і першыя лялечныя пастаноўкі праходзілі ў сценах Брэсцкага тэатра драмы і музыкі. 70-я гады сталі вызначальнымі ў творчым развіцці. Трупа расла і мянялася разам з жыццём, разам з патрабаваннямі свайго гледача.

У 1972 годзе акцёры ўпершыню выходзяць з-за шырмы з планшэтнымі лялькамі ў спектаклі «Зачараваная студня». Гледачы ўпершыню ўбачылі лялек і акцёраў на сцэне разам.

У 1975 годзе тэатр пераязджае ў новы будынак па вуліцы Леніна, 56 і адчыняецца спектаклем «Гадзіннік з зязюляй» (спектакль з выкарыстаннем чорнага кабінета). За гады існавання тэатра пастаўлена каля 150 спектакляў, якія паглядзелі мільёны гледачоў. Штогод тэатр паказвае больш за 300 спектакляў для дзяцей і дарослых Брэста і вобласці.

У аснове рэпертуару тэатра спектаклі паводле твораў нацыянальнай і класічнай драматургіі, як для дзяцей і юнацтва, так і для дарослых. На ягонай сцэне ставіліся п'есы вядомых беларускіх драматургаў Віталя Вольскага, Анатоля Вярцінскага, Сяргея Кавалёва. Тут дэбютавалі ў драматургіі Ніна Мацяш, Ігар Сідарук, Уладзімір Ягоўдзік, п'есы якіх набылі шырокую вядомасць. Упрыгожваюць наш рэпертуар і спектаклі, пастаўленыя па творах Марыны Цвятаевай, Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гусоўскага, Ганса-Хрысціяна Андэрсана, Андрэя Платонава, Жан-Батыста Мальера, Якуба Коласа і многіх іншых аўтараў.

Асаблівую ролю ў станаўленні тэатра таксама адыгралі рэжысёры Аляксандр Сярогін, Вікторыя Казлова, Анатоль Шкілёнак, Сяргей Юркевіч, Алег Жугжда, Юрый Сарычаў... Спектаклі тэатра афармлялі самыя вядомыя ў краіне мастакі, такія як Леанід Быкаў і Валерый Рачкоўскі. На падмостках сцэны працавалі артысты Генадзь Байкоў, Уладзімір Зайцаў, Анатоль Мацвееў.

 

Спектакль "Як цябе клічуць?" (1971 г.) Артысты і гледачы Спектакль "Чароўная лямпа Аладзіна" (1988 г.) Будынак тэатра да рэканструкцыі Пачатак рэканструкцыі будынка тэатра Рэканструкцыя будынка тэатра Рэканструкцыя будынка тэатра Рэканструкцыя будынка тэатра Акцёры тэатра на фестывалі ў Чэнду (Кітай) На фестывалі ў Чэнду (Кітай) Дыплом прэзідэнта РБ Артысты тэатра ў Францыі Пасля спектакля. Францыя Гран-пры фестывалю ў Заграбе Гран-пры фестывалю ў Заграбе На фестывалі ў Іране На Іранскім тэлебачанні На Іранскім тэлебачанні На Іранскім тэлебачанні На Іранскім тэлебачанні Пасля спектакля ў Тэгеране Гран-пры фестывалю Белая Вежа Гран-пры фестывалю ў Празе Прыз фестывалю "Пятрушка Вялікі 2010" Уручэнне гран-пры на Шомбай-fest. Казань Удзел БТК у фестывалі "Залатая маска" Прызы і дыпломы тэатра Тэатр у Омску Трупа тэатра ў Екацярынбурзе Артысты тэатра ў Славеніі Трупа тэатра ў Славеніі Славянскі базар у Віцебску Пасля атрымання нацыянальнай тэатральнай прэміі 2016

  
Калектыў тэатра - гэта людзі, якія сваёй штодзённай працай, творчасцю ствараюць спектаклі, цікавыя гледачу. Больш за трыццаць гадоў тэатр узначальваў дырэктар-мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Шавель.

 З 2015 года дырэктарам тэатра працуе Тамара Паўлюковіч, якая робіць вялікі ўклад у развіццё тэатра. У нашым тэатры лялек працуе першая ў краіне заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь сярод тэатраў лялек Тамара Тэвасян, ветэраны заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Іван Герасевіч, Лідзія Ваўчанка. Шмат гадоў аддалі тэатру галоўны рэжысёр Дзмітрый Нуянзін, артысты майстра сваёй справы Руслана Сакалова, Алена Паляшэнка, Юры Цясля. Побач з імі павялічвае сваё майстэрства творчая моладзь.

У 1996 годзе тэатр стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў штогадовага Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая Вежа". У Брэст прыязджаюць самыя знакамітыя тэатры лялек з розных краін свету. Фестываль "Белая Вежа" ператварыўся ў адзін з самых прэстыжных фестываляў Еўропы. Брэсцкі тэатр лялек двойчы станавіўся пераможцам і заваёўваў Гран-пры.

 Брэсцкі тэатр лялек дастойна прадстаўляе беларускае лялечнае мастацтва, прымаючы актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Фактычна Брэсцкі тэатр лялек быў першапраходцам, які прадставіў беларускае лялечнае мастацтва за межамі нашай краіны. Ён першым сярод лялечных тэатраў прадстаўляў Беларусь у Германіі (Берлін, 1993 г.), Францыі і на славутай сцэне тэатра імя С. В. Абразцова (Масква, 1995 г.).

Карта фестывальных маршрутаў тэатра шырокая. Ён актыўна пашырае міжнародныя сувязі, паспяхова выступае на фестывалях у розных краінах, мае у сваім актыве самыя прэстыжныя ўзнагароды. У тым ліку - два Гран-пры Сусветнага фестывалю тэатраў лялек, які праходзіць у Празе (Чэхія, 2006 і 2010 гг.).

Вялікая работа тэатра па папулярызацыі беларускага лялечнага мастацтва за мяжой і паспяховыя выступленні на міжнародных фестывалях у 2005 годзе адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Развіццё міжнародных культурных сувязей".

Творчыя дасягненні калектыву высока ацэнены Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і ў 2007 годзе Брэсцкаму тэатру лялек прысвойваюць ганаровае званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".

У 2016 годзе Брэсцкі тэатр лялек стаў лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі са спектаклем для дарослай аўдыторыі “Фро” паводле аповесці Андрэя Платонава. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Руслан Кудашоў.

 У 2019 годзе скончылася рэканструкцыя будынка тэатра і ўжо ў верасні на новай сцэне тэатр лялек адкрыў свой сезон прэм'ерай спектакля "Сотнікаў" паводле аповесці беларускага класіка Васіля Быкава. Рэжысёр спектакля – Руслан Кудашоў, мастак – Марына Заўялава.

У новым будынку тэатр пашырыў сваю сферу дзейнасці праз фармат студыйнай дзейнасці. Ужо ідзе набор дзяцей і дарослых у студыі выяўленчага мастацтва, эстраднага і народнага вакалу, тэатральнага майстэрства і іншыя. Тэатр плануе пашырыць карту абменных гастроляў і новых фестываляў, будуць запрошаны на сцэны новага тэатра як замежныя, так і айчынныя творчыя калектывы.

Сёння Брэсцкі тэатр лялек - адзін з цэнтраў культурнага жыцця горада. Тэатр для ўсёй сям'і.